1
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна

Бібліятэкі Мінскай вобласці ўзнагароджаны дыпломамі на рэспубліканскім конкурсе

22.06.2020

На працягу дваццаці васьмі год у краіне праводзіцца рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры», галоўнай мэтай якога з’яўляецца ўзмацненне ролі публічных бібліятэк у фарміраванні нацыянальнай свядомасці насельніцтва, распаўсюджванне ідэі беларускасці, прапаганды нацыянальнай спадчыны, гісторыі, літаратуры, мовы, народнай культуры, падтрымкі і развіцця чытання.

Чарговае пасяджэнне журы па падвядзенні вынікаў конкурса адбылося 14 мая 2020 г. ў анлайн-рэжыме. Члены журы адзначылі высокі ўзровень работ удзельнікаў, разнастайнасць рэалізаваных ідэй, змястоўную насычаннасць і крэатыўны падыход да афармлення конкурсных матэрыялаў.

У бягучым годзе ў спаборніцтве прынялі ўдзел 35 бібліятэк са ўсёй краіны: 14 цэнтральных і 21 бібліятэка-філіял. Ад Мінскай вобласці было прадстаўлена 8 прэтэндэнтаў, з якіх 7 былі узнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені і заахвочвальнымі грашовымі прэміямі.

У адпаведнасці з загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 15.06.2020 № 93 «Аб выніках рэспубліканскага конкурса XXVIII «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» бібліятэкі Мінскай вобласці ўзнагароджаны:

  • у намінацыі «За значны ўклад уклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем» дыпломам трэцяй ступені і грашовай прэміяй ў памеры 30 базавых велічынь – дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтральная гарадская бібліятэка г. Жодзіна»;
  • у намінацыі «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы» дыпломам другой ступені і грашовай прэміяй ў памеры 40 базавых велічынь – дзяржаўная ўстанова культуры «Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка», дыпломам трэцяй ступені і грашовай прэміяй ў памеры 30 базавых велічынь – Грабянецкая бібліятэка-клуб дзяржаўнай установы «Чэрвеньская цэнтральная раённая бібліятэка»;
  • у намінацыі «За падтрымку і развіццё чытання» дыпломам першай ступені і грашовай прэміяй ў памеры 50 базавых велічынь – дзяржаўная ўстанова культуры «Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы».

Таксама прысуджаны заахвочвальныя грашовыя прэміі ў памеры 10 базавых велічынь наступным прадстаўнікам Мінскай вобласці:

  • Заастравецкай сельскай бібліятэцы-філіялу дзяржаўнай установы «Клецкая раённая цэнтральная бібліятэка»;
  • дзяржаўнай установе культуры «Стаўбцоўская цэнтральная раённая бібліятэка»;
  • Мачулішчанскай пасялковай бібліятэцы дзяржаўнай установы культуры «Мінская раённая цэнтральная бібліятэка».

Паводле інфармацыі Мінаблвыканкама. Фота pixabay.com

Усе навіны