1
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна

Маштабны культурна-гістарычны праект "Вайна і мір. Беларусь памятае" прэзентаваны ў Мінску

19.02.2020
Прэзентацыя маштабнага культурна-гістарычнага праекта "Вайна і мір. Беларусь памятае", прымеркаванага да 75-годдзя Вялікай Перамогі, адбылася сёння ў прэс-цэнтры Дома прэсы ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта праект Міністэрства інфармацыі і гісторыка, калекцыянера, лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне" Уладзіміра Ліхадзедава. Суарганізатарам выступае Міністэрства культуры. Асноўная ідэя - стварэнне экспазіцый, якія дэманструюць гістарычны шлях беларускага народа ў жорсткіх войнах з 1812 па 1945 год, а таксама мірныя міжваенныя гады і сучаснасць. Арганізатары праекта звернуцца да вытокаў, традыцый патрыятызму, раскажуць аб тым, як кавалася Перамога, адкуль узяліся тыя ідэйныя, загартаваныя людзі, якія яе набліжалі.

"Перамога ж стваралася не з 1941 па 1945 год - бацькі і дзяды герояў Вялікай Айчыннай вайны былі героямі Першай сусветнай, а іх дзяды і прадзеды - героямі вайны 1812 года. Гэты ланцужок, па якім перадавалася любоў да Радзімы, і будзе паказана ў новым праекце, - адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. - Гэта глабальны праект, які, я ўпэўнены, будзе падхоплены".

Вялікая Перамога 1945 года, паводле задумы, павінна сімвалізаваць кропку ў гісторыі кровапраліцця на беларускай зямлі і прымнажэнне новых мірных перамог.

Першая выстаўка адкрыецца 21 лютага ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа і раскажа аб падзеях 1812 года. Будуць прадстаўлены арыгінальныя літаграфіі ўдзельніка напалеонаўскіх паходаў, нямецкага мастака-баталіста Фабера дзю Фора, па малюнках якога пазней зрабілі шмат гравюр, паштовак. Таксама будуць дэманстравацца літаграфіі па карцінах вядомага мастака-баталіста Васіля Верашчагіна. Па гэтых малюнках можна будзе прасачыць шлях Напалеона да Масквы і ўцёкі яго арміі цераз Бярэзіну, Ашмяны, Смаргонь. Астатнія выставачныя пляцоўкі плануецца арганізоўваць сумесна з вядучымі музеямі і бібліятэкамі краіны.

Напярэдадні святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі ўсе экспазіцыі аб'яднаюцца ў адну маштабную выстаўку ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, якая дапоўніцца экспанатамі калекцыянераў і пісьменнікаў з краін блізкага і далёкага замежжа. "Свой удзел пацвердзілі ўжо больш як 50 пісьменнікаў і калекцыянераў з больш чым 10 краін, - расказаў Уладзімір Ліхадзедаў. - Выстаўка адкрыецца ў першых чыслах мая і размесціцца на 1,5 тыс. кв.м у Нацыянальнай бібліятэцы, дзе будзе сабрана больш за 2 тыс. экспанатаў. Праект будзе прадаўжацца на працягу паўгода".

Неад'емнай часткай усіх выставак будзе ключавая дата 75-годдзя Вялікай Перамогі і прадстаўленне кніг з унікальнымі фотаматэрыяламі. Праект плануецца без даты завяршэння, паколькі ўжо сёння паступае вялікая колькасць прапаноў аб яго экспанаванні як на тэрыторыі Беларусі, так і за мяжой. У прыватнасці, аб сваім жаданні ўбачыць праект у сябе ўжо заявілі Расія, Польшча, Літва.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI

Усе навіны