1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Адзіная ў Салігорскім раёне жанчына-памочнік камбайнёра працуе ў ААТ "Вырашальны"

27.07.2020

Уборачная кампанія-2020 у нашым рэгіёне ідзе хуткімі тэмпамі, гаспадаркі імкнуцца прыбраць гатовае збожжа ў засекі як мага хутчэй. Экіпажы камбайнаў і вадзіцелі на адвозцы збожжа выкарыстоўваюць па максімум добрае надвор'е, каб своечасова і без страт сабраць ураджай. Заахвоціць лепшых на ўборцы збожжавых імкнуцца і прадстаўнікі ўлады, і грамадскія арганізацыі раёна. 

Напрыклад, 24 ліпеня 2020 года на месцы пазнаёміліся з ходам уборачнай кампаніі і сустрэліся з работнікамі працоўнага калектыву ААТ "Вырашальны" дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юлія Мурына і старшыня Салігорскай раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын" Аксана Кукліцкая. 

Галоўнай мэтай візіту стала віншаванне і ўзнагароджанне ад дэпутата і грамадскай арганізацыі "Беларускі саюз жанчын" аднаго з работнікаў сельскагаспадарчай арганізацыі. За праяву ініцыятывы, адказнае стаўленне да працы, а таксама асабісты ўклад у збор ураджаю, у рамках акцыі "БСЖ – жанчынам жніва" Юлія Мурына і Аксана Кукліцкая ўручылі падзяку і падарунак Жанне Грыцэль, якая працуе памочнікам камбайнёра ў ААТ "Вырашальны". Яна адзіная прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва нашага раёна ў гэтай складанай і важнай прафесіі. 

Госці прыбылі бліжэй да абедзеннага перапынку. У працаўнікоў ААТ "Вырашальны" выдалася свабодная хвілінка, якой яны скарысталіся і задалі прадстаўніку заканадаўчай улады найбольш хвалюючыя пытанні. Нефармальная сустрэча з дэпутатам прама ў полі дазволіла без дадатковых намаганняў, наўпрост агучыць складаныя для жыхароў вёскі тэмы. Напрыклад, у гутарцы закранулі пытання сацыяльнай падтрымкі інвалідаў.

ДУ "Рэдакцыя газеты "Шахцёр"

Усе навіны